ЖЫЛЛЁВЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сістэматызаваны заканадаўчы акт, які рэгулюе жыллёвыя і інш. звязаныя з імі грамадскія адносіны. Прыняты Вярх. Саветам БССР 10-га склікання 22.12.1983 і ўведзены ў дзеянне 1.4.1984. У кодэксе вылучаны агульныя палажэнні, асобны раздзел прысвечаны кіраванню жыллёвым фондам, падрабязна рэгламентаваны парадак забеспячэння грамадзян памяшканнямі ў дамах жыллёва-буд. кааператываў, карыстання жылымі памяшканнямі ў дамах дзярж. і грамадскага жыллёвага фонду, службовымі жылымі памяшканнямі, інтэрнатамі, у дамах індывід. жыллёвага фонду. Асобныя раздзелы кодэкса рэгламентуюць пытанні забеспячэння захаванасці жыллёвага фонду, яго эксплуатацыі і рамонту, адказнасці за парушэнне жыллёвага заканадаўства, вырашэння жыллёвых спрэчак. У сувязі з тым, што многія палажэнні кодэкса ўстарэлі і патрабуюць пэўных змен, распрацоўваецца новы жыллёвы кодэкс.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)